ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.
т. 4, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)